Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - БЫЦЦЁ

БЫЦЦЁ 25

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1І ўзяў Абрагам яшчэ жонку, імем Хэтуру.
2Яна нарадзіла яму Зімрана, Ёкшана, Мэдана, Мадыяна, Ішбака і Шуаха.
3Ёкшан спарадзіў Шэву і Дэдана. Сыны Дэдана былі: Ашурым, Летушым і Леюмім.
4Сыны Мадыяна: Эфа, Эфэр, Ханох, Авіда і Элдага. Усе гэтыя сыны Хэтуры.
5І аддаў Абрагам усё, што было ў яго, Ісааку;
6а сынам наложніц, якія былі ў Абрагама, даў Абрагам дарункі і адаслаў іх ад Ісаака, сына свайго, яшчэ за жыцьця свайго, на ўсход, у зямлю ўсходнюю.
7Дзён жыцьця Абрагамавага, якія ён пражыў, было сто семдзесят пяць гадоў;
8і сканаў Абрагам, і памёр у старасьці добрай, вельмі стары і насычаны, і прылучаны да люду свайго.
9І пахавалі яго Ісаак і Ізмаіл, сыны ягоныя, у пячоры Махпэл, на полі Эфрона, сына Цахара, Хэтэяніна, якое насупроць Мамрэ,
10на полі, якое Абрагам набыў у сыноў Хэтавых. Там пахаваны Абрагам і Сарра, жонка ягоная.
11Пасьля сьмерці Абрагама Бог дабраславіў Ісаака, сына ягонага. Ісаак жыў пры Бээр-Лахай-Роі.
12Вось радавод Ізмаіла, сына Абрагамавага, якога нарадзіла Абрагаму Агар, Егіпцянка, Саррына служанка;
13і вось імёны сыноў Ізмаілавых, імёны іхнія паводле радаводу іхняга: першынец Ізмаілаў Наваёт, Кедар, Адбээл, Міўсам,
14Мішма, Дума, Маса,
15Хадад, Тэма, Етур, Нафіш і Кедма.
16Яны сыны Ізмаілавыя, і гэта імёны іхнія, у селішчах іхніх, у качэўях іхніх. Гэта дванаццаць князёў плямёнаў іхніх.
17А гадоў жыцьця Ізмаілавага было сто трыццаць сем гадоў; і сканаў ён, і памёр, і прылучаны да народу свайго.
18Яны жылі ад Хавілы да Сура, што перад Егіптам, як ідзеш да Асірыі. Яны пасяліліся перад абліччам усіх братоў сваіх.

19Вось радавод Ісаака, сына Абрагамавага. Абрагам спарадзіў Ісаака.
20Ісааку было сорак гадоў калі ён узяў сабе за жонку Рэбэку, дачку Ватуіла Арамэйца зь Месапатаміі, сястру Лавана Арамэйца.
21І маліўся Ісаак Госпаду за жонку сваю, бо яна была няплодная; і Гасподзь пачуў яго, і зачала Рэбэка жонка ягоная.
22Сыны ва ўлоньні яе пачалі біцца, і яна сказала: калі так будзе, дык навошта мне гэта? І пайшла спытацца ў Госпада.
23Гасподзь сказаў ёй: два племені ў чэраве тваім, і два розныя народы пойдуць з нутробы тваёй; адзін народ зробіцца мацнейшы за другі, і большы будзе служыць меншаму.
24І настаў час ёй радзіць: і вось блізьняты ў нутробе ў яе.
25Першы выйшаў чырвоны, увесь, як скура, калматы, і далі яму імя: Ісаў.
26Потым выйшаў брат ягоны, трымаючыся рукою сваёю за пяту Ісава; і дадзена яму імя: Якаў. А Ісааку было шэсьцьдзясят гадоў, калі яны нарадзіліся.
27Дзеці вырасьлі; і стаў Ісаў чалавекам спрытным у ловах зьвера, чалавекам палёў; а Якаў чалавекам рахманым, жыхаром намётаў.
28Ісаак любіў Ісава, бо дзічына была да смаку яму; а Рэбэка любіла Якава.
29І згатаваў Якаў страву; а Ісаў прыйшоў з поля стомлены.
30І сказаў Ісаў Якаву: дай мне паесьці чырвонага, чырвонага гэтага; бо я стаміўся. Ад гэтага дадзена яму мянушка: Эдом.
31Але Якаў сказаў: прадай мне цяпер жа сваё першародства.
32Ісаў сказаў: вось, я паміраю, што мне з гэтага першародства?
33Якаў сказаў: прысягні мне цяпер жа. Ён прысягнуў яму, і прадаў першародства сваё Якаву.
34І даў Якаў Ісаву хлеба і стравы з сачыўкі: і ён еў і піў, і ўстаў і пайшоў; і пагардзіў Ісаў першародствам.