Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - СУДЗЬДЗЯЎ - СУДЗЬДЗЯЎ 3

СУДЗЬДЗЯЎ 3:11-27

Help us?
Click on verse(s) to share them!
11І спакойна было ў зямлі сорак гадоў. І памёр Гатанііл, сын Кеназаў.
12Сыны Ізраілевыя зноў пачалі ўчыняць ліхое перад вачыма Госпада, і ўмацаваў Гасподзь Эглона, цара Маавіцкага, супроць Ізраільцянаў, за тое, што ўчынялі яны ліхое перад вачыма Госпада.
13Ён сабраў да сябе Аманіцянаў і Амалікіцянаў, і пайшоў і пабіў Ізраільцянаў, і авалодалі яны горадам Пальм.
14І служылі сыны Ізраілевыя Эглону, цару Маавіцкаму, васямнаццаць гадоў.
15Тады заенчылі сыны Ізраілевыя да Госпада, і Гасподзь паставіў ім ратаўніка Аода, сына Геры, сына Эмініевага, які быў ляўко. І паслалі сыны Ізраілевыя зь ім дарункі Эглону, цару Маавіцкаму.
16Аод зрабіў сабе меч двусечны, даўжынёю ў локаць, і падперазаў яго пад плашчом сваім да правага сьцягна.
17І паднёс дарункі Эглону, цару Маавіцкаму; а Эглон быў чалавек вельмі тоўсты.
18Калі паднёс Аод усе дарункі і правёў людзей, якія прынесьлі дарункі,
19дык сам вярнуўся ад балванаў, якія ў Галгале, і сказаў: у мяне ёсьць таемнае слова табе, цару. Той сказаў: цішэй! І выйшлі ад яго ўсе, што стаялі пры ім.
20Аод падышоў да яго; ён сядзеў у прахалодным пакоі, які быў у яго асобна. І сказаў Аод: у мяне ёсьць да цябе слова Божае. Эглон устаў з крэсла.
21Аод працягнуў левую руку сваю, і ўзяў меч з правага сьцягна свайго, і ўсадзіў яго ў чэрава ягонае,
22так што ўвайшла за вастрыём і тронка, і тлушч закрыў вастрыё; бо Аод ня выняў меча з чэрава ягонага, і ён прайшоў у заднія часткі.
23І выйшаў Аод за дзьверы, і зачыніў за сабою дзьверы верхняга пакоя, і замкнуў.
24Калі ён выйшаў, рабы Эглона прыйшлі, і бачаць, вось, дзьверы верхняга пакоя замкнутыя, і кажуць: мабыць, ён дзеля патрэбы ў прахалодным пакоі.
25Чакалі даволі доўга, але бачачы, што ніхто не адчыняе дзьвярэй сьвяцёлкі, узялі клюя і адамкнулі, і вось, гаспадар іхні ляжыць на зямлі мёртвы.
26Пакуль яны здаўмяваліся, Аод тым часам сышоў, прайшоў міма балванаў і ўратаваўся ў Сэіраце.
27А прыйшоўшы, затрубіў у трубу на гары Яфрэмавай, і сышлі зь ім сыны Ізраілевыя з гары, і ён ішоў наперадзе іх.

Read СУДЗЬДЗЯЎ 3СУДЗЬДЗЯЎ 3
Compare СУДЗЬДЗЯЎ 3:11-27СУДЗЬДЗЯЎ 3:11-27