Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ЛЯВІТ - ЛЯВІТ 14

ЛЯВІТ 14:3-53

Help us?
Click on verse(s) to share them!
3а сьвятар выйдзе вонкі з табара, і калі сьвятар убачыць, што пракажоны выздаравеў ад хваробы праказы,
4дык сьвятар загадае ўзяць дзеля цалёнага дзьвюх птушак жывых чыстых, кедровага дрэва, чырванёную нітку і ісопу,
5і загадае сьвятар закалоць адну птушку над гліняным посудам, над жывою вадою;
6а сам ён возьме жывую птушку, кедровае дрэва, чырванёную нітку і ісоп і абмочыць іх і жывую птушку ў крыві птушкі заколатай над жывою вадою,
7і пакропіць на таго, каго ачышчаюць ад праказы, сем разоў, і абвесьціць яго чыстым, і выпусьціць жывую птушку ў поле;
8той, каго ачышчаюць, абмые вопратку сваю, абстрыжэ ўсе валасы свае, абмыецца вадою і будзе чысты; потым увойдзе ў табар і прабудзе сем дзён па-за намётам сваім;
9на сёмы дзень паголіць усе валасы свае, галаву сваю, бараду сваю, бровы над вачамі сваімі, усе валасы свае паголіць, і абмые вопратку сваю, і абмые цела сваё вадою, і будзе чысты;
10на восьмы дзень возьме ён двух бараноў без пахібы, і адну авечку гадавалую без пахібы, і тры дзясятых эфы пшанічнай мукі, змяшанай з алеем, дзеля прынашэньня хлебнага, і адзін лог алею;
11сьвятар ачышчальнік паставіць чалавека, якога ачышчае, зь імі прад Госпадам каля ўваходу ў скінію сходу;
12і возьме сьвятар аднаго барана і прынясе ў ахвяру за віну, і лог алею, і прынясе гэта, трасучы прад Госпадам;
13і заколе барана на тым месцы, дзе колюць ахвяру за грэх і цэласпаленьне, на месцы сьвятым, бо гэта ахвяра за віну, як і ахвяра за грэх, належыць сьвятару: гэта вялікая сьвятыня;
14і возьме сьвятар крыві з ахвяры за віну, і пакладзе сьвятар на край правага вуха таго, каго ачышчае, і на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай;
15і возьме сьвятар з логу алею і палье на левую сваю далоню;
16і ўмочыць сьвятар правы палец свой у алей, які на левай далоні ягонай, і пакропіць алеем з пальца свайго сем разоў прад абліччам Госпада;
17а рэшту алею, які на далоні ягонай, пакладзе сьвятар на край правага вуха таго, каго ачышчае, на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай, на кроў ахвяры за віну;
18а рэшту алею, які на далоні ў сьвятара, пакладзе ён на галаву таго, каго ачышчае, і ачысьціць яго сьвятар перад абліччам Госпада;
19і ачысьціць сьвятар ахвяру за грэх і ачысьціць чалавека ад нечысьці ягонай; пасьля таго заколе ахвяру цэласпаленьня;
20і пакладзе сьвятар цэласпаленьне і прынашэньне хлебнае на ахвярнік; і ачысьціць яго сьвятар, і ён будзе чысты.
21Калі ж ён бедны і ня мае дастатку, дык няхай возьме аднаго барана ў ахвяру павіннасьці дзеля трасеньня, каб ачысьціць сябе, і адну дзесяцярыну эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у прынашэньне хлебнае, і лог алею,
22і дзьве галубкі і два маладыя галубы, што дастане рука ягоная, адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне;
23і прынясе іх на восьмы дзень ачышчэньня свайго сьвятару да ўваходу ў скінію сходу, перад аблічча Госпада;
24сьвятар возьме барана ахвяры за віну і лог алею, і прынясе гэта сьвятар, трасучы перад Госпадам;
25і заколе барана ў ахвяру павіннасьці, і возьме сьвятар крыві ахвяры павіннасьці, і пакладзе на край правага вуха таго, каго ачышчае, і на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай;
26і налье сьвятар алею на левую сваю далонь,
27і алеем, які на левай далоні ягонай, пакропіць сьвятар правым пальцам сваім сем разоў перад абліччам Гасподнім;
28і пакладзе сьвятар алею, які на далоні ягонай, на край правага вуха таго, каго ачышчае, на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай, на месца крыві з ахвяры за віну;
29а рэшту алею, які на далоні ў сьвятара, пакладзе ён на галаву таго, каго ачышчае, каб ачысьціць яго перад абліччам Госпада;
30і прынясе адну галубку, альбо аднаго маладога голуба, што дастане рука,
31з таго, што дастане рука ягоная, адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, разам з прынашэньнем хлебным; і ачысьціць сьвятар чалавека перад абліччам Госпада.
32Вось закон пра пракажонага, які ў час ачышчэньня свайго ня мае дастатку.
33І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:
34калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаанскую, якую Я даю вам у валоданьне, і Я навяду струплю праказы на дамы ў зямлі валоданьня вашага,
35тады той, чый дом, павінен пайсьці і сказаць сьвятару: у мяне на доме паявілася як бы струпля.
36Сьвятар загадае апаражніць дом, перш чым сьвятар увойдзе аглядаць струплю, каб не зьнячысьцілася ўсё, што ў доме; пасьля гэтага прыйдзе сьвятар аглядаць дом.
37Калі ён, агледзеўшы струплю, убачыць, што струпля на сьценах дома складаецца зь зеленаватых альбо чырванаватых ямін, якія будуць заглыбленыя ў сьцяне,
38дык сьвятар выйдзе з дома да дзьвярэй дома і замкне дом на сем дзён.
39На сёмы дзень зноў прыйдзе сьвятар, і калі ўбачыць, што струпля пашырылася па сьценах дома,
40дык сьвятар загадае выламаць камяні, на якіх струпля, і выкінуць іх за горадам на месца нячыстае;
41а дом усярэдзіне няхай увесь выскабляць, і абмазку, якую саскобляць, высыплюць за горадам на месца нячыстае;
42і возьмуць іншыя камяні і ўставяць замест тых камянёў, і возьмуць іншую абмазку і абмажуць дом.
43Калі струпля зноў абэявіцца і будзе цьвісьці на доме пасьля таго, як выламалі камяні і выскаблілі дом і абмазалі,
44дык сьвятар прыйдзе і агледзіць, і калі струпля на доме пашырылася, дык гэта едкая праказа на доме, нячысты ён;
45трэба зламаць гэты дом, і камяні яго і дрэва яго і ўсю абмазку дома і вынесьці за горад на месца нячыстае;
46хто ўваходзіць у дом увесь той час, калі ён замкнуты, той нячысты да вечара;
47і хто сьпіць у доме тым, той павінен вымыць вопратку сваю; і хто есьць у доме тым, той павінен вымыць вопратку сваю.
48А калі сьвятар прыйдзе і ўбачыць, што струпля на доме не пашырылася пасьля таго, як абмазалі дом, дык сьвятар абвесьціць дом чыстым, бо струпля прайшла.
49І каб ачысьціць дом, возьме ён дзьвюх птушак, кедровага дрэва, чырванёную нітку і ісопу,
50і заколе адну птушку над гліняным посудам, над жывою вадою;
51і возьме кедровае дрэва і ісоп, і чырванёную нітку і жывую птушку, і абмочыць іх у крыві птушкі заколатай і ў жывой вадзе, і пакропіць дом сем разоў;
52і ачысьціць дом крывёю птушкі і жывою вадою, і жывою птушкаю і кедровым дрэвам і ісопам і чырванёнаю ніткаю;
53і пусьціць жывую птушку за горадам у поле і ачысьціць дом, і будзе чысты.

Read ЛЯВІТ 14ЛЯВІТ 14
Compare ЛЯВІТ 14:3-53ЛЯВІТ 14:3-53