Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ЛУКАША - ЛУКАША 8

ЛУКАША 8:9-47

Help us?
Click on verse(s) to share them!
9А вучні Ягоныя спыталіся ў Яго: што азначала прытча гэтая?
10Ён сказаў: вам дадзена ведаць таямніцы Божага Царства, а астатнім у прытчах, так што яны бачачы - ня бачаць і чуючы - не разумеюць.
11Вось што азначае прытча гэтая: насеньне ёсьць слова Божае;
12а што ўпала пры дарозе, гэта ёсьць слухачы, да якіх пасьля прыходзіць д'ябал і забірае слова з сэрца іхняга, каб яны ня ўверавалі і не ўратаваліся,
13а што ўпала на камень, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, прымаюць з радасьцю, але якія ня маюць кораня і часова веруюць, а ў час спакушэньня адпадаюцца;
14а што ўпала ў церне, гэта тыя, якія слухаюць слова, але, адыходзячы, турботамі, багацьцем і асалодамі жыцьцёвымі заглушаюцца і плоду ня родзяць:
15а што ўпала на добрую зямлю, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, асяляюць яго ў добрым і чыстым сэрцы і родзяць плод у цярплівасьці. Сказаўшы гэта, Ён абвясьціў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
16Ніхто, запаліўшы сьвечку, не накрывае яе пасудзінаю, альбо ня ставіць пад ложак, а ставіць на сьвечнік, каб уваходзячы, бачылі сьвятло.
17Бо няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву, ні схаванага, што не зрабілася б вядомым і ня выкрылася б.
18Дык вось, уважайце, як вы слухаеце: бо хто мае, таму дадзена будзе; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што ён думае мець.
19І прыйшлі да Яго Маці і браты Ягоныя, і не маглі падысьці да Яго з прычыны люднасьці.
20І далі знак Яму: Маці і браты Твае стаяць звонку, хочучы бачыць Цябе.
21Ён сказаў ім у адказ: маці Мая і браты Мае - гэта слухачы слова Божага і выканаўцы яго.
22Аднаго дня Ён увайшоў з вучнямі Сваімі ў лодку і сказаў ім: пераправімся на той бок возера. І выправіліся.
23У час плаваньня іхняга Ён заснуў. На возеры падняўся бурны вецер, і залівала іх хвалямі, і яны былі ў небясьпецы.
24І падышоўшы, разбудзілі Яго і сказалі: Настаўнік! Настаўнік! гінем. Але Ён, устаўшы, загразіў ветру і хваляваньню вады: і перасталі, і зрабілася цішыня.
25Тады Ён сказаў ім: дзе вера ваша? А яны ў страху і зьдзіўленьні казалі адзін аднаму: хто ж гэта, што і вятрам загадвае і вадзе, і слухаюцца Яго?
26І прыплылі ў краіну Гадарынскую, якая насупраць Галілеі.
27Калі ж выйшаў Ён на бераг, сустрэў Яго адзін чалавек з горада, апанаваны дэманамі з даўняга часу, і ў вопратку не апранаўся, і жыў ня ў доме, а ў магілах.
28Ён, убачыўшы Ісуса, закрычаў, упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога Ўсявышняга? прашу Цябе, ня муч мяне.
29Бо Ісус загадаў нячыстаму духу выйсьці з гэтага чалавека; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі і путамі, аберагаючы яго: але ён разрываў путы, і быў гнаны дэманам у пустыні.
30Ісус спытаўся ў яго: як тваё імя? Той сказаў: «легіён», бо шмат дэманаў увайшло ў яго.
31І яны прасілі Ісуса, каб не загадаў ім ісьці ў бездань.
32А тут на гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіней: і дэманы прасілі ў Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх. Ён дазволіў ім.
33Дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіней: і кінуўся гурт з урвішча ў возера, і патануў.
34Пастухі, убачыўшы, што сталася, пабеглі і расказалі ў горадзе і ў селішчах.
35І выйшлі пабачыць, што сталася; і прыйшоўшы да Ісуса, знайшлі чалавека, зь якога выйшлі дэманы; ён сядзеў каля ног Ісуса, апрануты і ў здаровым розуме: і жахнуліся.
36А тыя, што бачылі, расказалі ім, як выздаравеў шаленец.
37І прасіў у Яго ўвесь люд Гадарынскага навакольля сысьці ад іх, бо яны агорнутыя былі вялікім страхам. Ён увайшоў у лодку і вярнуўся.
38А чалавек, зь якога выйшлі дэманы, прасіўся ў Яго, каб быць зь Ім. Але Ісус адпусьціў яго, сказаўшы:
39вярніся ў дом твой і раскажы, што ўтварыў табе Бог. Ён пайшоў і абвяшчаў па ўсім горадзе, што ўтварыў яму Ісус.
40А калі вярнуўся Ісус, люд прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
41І вось, прыйшоў чалавек, якога звалі Яір, які быў начальнікам сынагогі: і ўпаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсьці да яго ў дом,
42бо ў яго была адна дачка, гадоў дванаццаці, і тая была пры сьмерці. А калі Ён ішоў, люд націскаў на Яго.
43І жанчына, якая пакутавала ад крывацечы дванаццаць гадоў, якая, патраціўшы на лекараў усю маёмасьць, ніводным не магла быць вылечана, -
44падышоўшы ззаду, кранулася краю вопраткі Ягонай: і адразу цеча крыві ў яе перастала.
45І сказаў Ісус: хто дакрануўся да Мяне? Калі ж усе адмовіліся, Пётр і ўсе, хто быў зь Ім, сказалі: Настаўнік! людзі атачаюць Цябе і націскаюць, - і Ты кажаш: «хто дакрануўся да Мяне»?
46Але Ісус сказаў: дакрануўся да Мяне нехта: бо Я адчуваў сілу, якая выйшла зь Мяне.
47Жанчына, бачачы, што яна ня ўтоілася, з трымценьнем падыйшла і, упаўшы перад Ім, абвясьціла Яму перад усімі людзьмі, зь якой прычыны дакранулася да Яго, і як адразу ацалілася.

Read ЛУКАША 8ЛУКАША 8
Compare ЛУКАША 8:9-47ЛУКАША 8:9-47