Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ДЗЕІ - ДЗЕІ 5

ДЗЕІ 5:12-40

Help us?
Click on verse(s) to share them!
12А рукамі апосталаў учыняліся ў народзе многія азнакі і цуды; і ўсе аднадушна заставаліся ў прытворы Саламонавым;
13і ніхто староньні не адважваўся падступіцца да іх, а людзі славілі іх.
14А вернікаў болей і болей далучалася да Госпада, мноства мужчын і жанчын,
15так што выносілі хворых на вуліцы і клалі на пасьцелях і ложках, каб хоць цень Пятра, калі ён праходзіў, асяніў каго зь іх.
16Сыходзіліся таксама ў Ерусалім многія з навакольных гарадоў, нясучы хворых і нячыстымі духамі апантаных, і ацаляліся ўсе.
17А першасьвятар і зь ім усе, сутная ерась садукейская, напоўніліся зайздрасьцю,
18і наклалі рукі свае на апосталаў, і ўвязьнілі іх у грамадзкую цямніцу.
19Але анёл Гасподні ўначы адчыніў дзьверы цямніцы і, вывеўшы іх, сказаў:
20ідзеце і, стаўшы, кажэце ў царкве люду ўсе гэтыя словы жыцьця.
21Яны, паслухаўшыся, увайшлі раніцай у царкву, і вучылі. Тым часам першасьвятар і хто зь ім, прыйшоўшы, склікалі сынедрыён і ўсіх старэйшын з сыноў Ізраілевых, і паслалі ў цямніцу прывесьці апосталаў.
22Але служкі, калі прыйшлі, не знайшлі іх у цямніцы і вярнуўшыся данесьлі,
23кажучы: цямніцу мы знайшлі замкнутую з усёй перасьцярогаю і вартаю, якая стаяла каля дзьвярэй; але, калі адчынілі, не знайшлі ў ёй нікога.
24Калі пачулі гэтыя словы першасьвятар, начальнік варты і астатнія першасьвятары, не разумелі, што б гэта азначала.
25А нехта прыйшоў і данёс ім, кажучы: вось, мужы, якіх вы ўвязьнілі ў цямніцу, стаяць у царкве і вучаць людзей.
26Тады начальнік варты пайшоў са служкамі і прывёў іх бяз прымусу, бо баяліся людзей, каб не пабілі іх камянямі;
27а прывёўшы іх, паставілі ў сынедрыёне; і спытаўся ў іх першасьвятар, кажучы:
28ці не забаранілі мы вам строга вучыць у імя гэтае? І вось вы напоўнілі Ерусалім вучэньнем вашым, і хочаце навесьці на нас кроў Таго Чалавека.
29А Пётр і апосталы ў адказ сказалі: трэба слухацца болей Бога, чым людзей;
30Бог бацькоў нашых уваскрэсіў Ісуса, Якога вы забілі, павесіўшы на дрэве.
31Яго Бог узвысіў правіцаю Сваёю ў Пачынальніка і Збаўцу, каб даць Ізраілю пакаяньне і дараваньне грахоў;
32Сьведкі Яму ў гэтым мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму.
33Чуючы гэта, яны расьпіраліся ад гневу і намышлялі забіць іх.
34Устаўшы ў сынедрыёне, адзін фарысэй, якога звалі Гамалііл, законатлумач, паважаны ўсім народам, загадаў вывесьці апосталаў на кароткі час,
35а ім сказаў: мужы Ізраільскія! падумайце самі сабе пра людзей гэтых, што вам зь імі рабіць.
36Бо незадоўга да гэтага прыйшоў Фэўда, выдаючы сябе за кагосьці вялікага, і да яго прыстала каля чатырохсот чалавек; але ён быў забіты, і ўсе, што слухаліся яго, расьсеяліся і зьніклі,
37пасьля яго ў час перапісу зьявіўся Юда Галілеянін і павёў за сабою даволі многа людзей; але ён загінуў, і ўсе, што слухаліся яго, рассыпаліся;
38і сёньня, кажу вам, адступецеся ад людзей гэтых і пакіньце іх; бо калі гэтае пачынаньне і гэтая дзея - ад людзей, дык яно разбурыцца,
39а калі ад Бога, дык вы ня можаце разбурыць яго; сьцеражэцеся, каб вам ня стацца і богапраціўцамі.
40Яны паслухаліся яго і, паклікаўшы апосталаў, білі іх і, забараніўшы ім гаварыць пра імя Ісуса, адпусьцілі іх.

Read ДЗЕІ 5ДЗЕІ 5
Compare ДЗЕІ 5:12-40ДЗЕІ 5:12-40